8 верасня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якая сабрала вернікаў з розных куткоў Беларусі.
Сёлета асаблівая нагода для святкавання — 260 гадоў знаходжання ў Гудагаі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай, які з’яўляецца духоўным сэрцам санктуарыя. Столькі ж гадоў таму айцы кармэліты босыя распачалі тут сваё служэнне.
Згодна з хронікай Кармэля, 8 верасня 1764 года абраз Багародзіцы быў урачыста ўнесены ў гудагайскі касцёл, і з таго часу ён стаў аб’ектам вялікай пашаны сярод вернікаў.
На працягу стагоддзяў людзі прыходзілі да Маці Божай Шкаплернай, просячы аб заступніцтве і патрэбных ласках.
Святкаванне распачалося раніцай спевам Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, што стварыла асаблівую атмасферу малітоўнага спакою. Потым адбылася галоўная Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Ян Варанецкі, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах. Святар скіраваў да вернікаў слова, у якім падкрэсліў рысы Багародзіцы Марыі і заахвоціў браць з Яе прыклад. На заканчэнне святой Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі ў Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла.
Адразу пасля працэсіі адбылася яшчэ адна святая Імша, якую цэлебраваў айцец Ігнат Падарэцкі OCD.
Хор парафіі Перамянення Пана з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) узбагаціў урачыстасць сваімі спевамі, што надало фэсту асаблівую ўрачыстасць.
Удзельнікі адпусту мелі магчымасць не толькі памаліцца і ўзяць удзел у працэсіі, але таксама ў цішыні Гудагайскай святыні падзякаваць Пану Богу за шчодрыя ласкі, якія атрымліваюць праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave