22/07/2024

У 35-годдзе пастырскага служэння Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай Гудагайскай свой першы біскупскі пярсцёнак

 

 
 
21.07.2024 22:22   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

 

20 і 21 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Гудагаі адбыўся фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.

Цэлебрацыю заключнай адпустовай святой Імшы апоўдні ў нядзелю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

35 гадоў таму менавіта тут, у Гудагаі, ён быў абвешчаны першым пасля Другой сусветнай вайны каталіцкім біскупам у Беларусі.

Разам з заслужаным 78-гадовым іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі наймаладзейшы беларускі іерарх, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцы кармэліты босыя, якія нясуць служэнне ў Гудагайскім санктуарыі, на чале з яго кусташам айцом Аркадзем Куляхам OCD і больш за дзясятак іншых святароў.

 

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім звярнуў увагу на значэнне культу Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі ў захаванні веры ў часы ваяўнічага атэізму, калі доўгія дзесяцігоддзі Касцёл у Беларусі быў пазбаўлены нармальных умоваў для функцыянавання і развіцця.

Іерарх падкрэсліў, што, нягледзячы на гэта, дзякуючы Марыйнай народнай пабожнасці людзі захавалі веру і перадалі яе маладым пакаленням.

«Калі ж у выніку грамадска-палітычных перамен канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя насталі новыя часы свабоды веравызнання, падземная рака веры вырвалася на паверхню, каб наталіць вадой гаючай Божай ласкі высахлую пад сонцам ваяўнічага атэізму, ахрышчаную больш за тысячу гадоў таму зямлю», — адзначыў арцыпастыр.

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што 25 ліпеня 1989 года менавіта тут, у гудагайскай святыні было абвешчана аб яго прызначэнні першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі.

Гэтая гістарычная падзея распачала працэс адраджэння і развіцця Касцёла на нашых землях, а таксама ў Расіі, дзе Тадэвуш Кандрусевіч 16 гадоў выконваў біскупскае служэнне.

Заслужаны іерарх падзякаваў Богу, Маці Божай, беларускім і расійскім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за падтрымку і малітвы ў яго інтэнцыі. Ён таксама перапрасіў за магчымыя занядбанні ў выкананні адказнай пастырскай місіі і папрасіў аб малітоўнай падтрымцы для далейшага служэння.

 

Па традыцыі, арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў гамілію малітвай: «Марыя, наша Маці духоўная! У гэты складаны час нашай гісторыі міласціва паглядзі на нас, не адпускай ад сябе, апякуйся намі і дапамагай, каб мы заўсёды згаджаліся з Божай воляй і жылі дзейснай і актуальнай праўдай Евангелля з мэтай стаць, як Ты, благаслаўлёнымі сярод народаў свету.

Дапамажы Касцёлу ў Беларусі і мне, якога 35 гадоў таму твой Сын паклікаў да біскупскага служэння, каб, давяраючы Табе і Езусу Хрысту, мы ні ў чым не мелі нястачы. Няхай дзякуючы Твайму заступніцтву Божая ласка і моц Святога Духа суправаджаюць нас на нашым жыццёвым шляху. У сваім цудадзейным Гудагайскім абразе будзь нам праводнаю зоркаю ў цемры грахоўнай ночы. Заступайся за нас і абараняй шчытом Твайго святога шкаплера», — узнёс малітоўны заклік заслужаны іерарх.

 

Напрыканцы ўрачыстай цэлебрацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай Гудагайскай свой першы біскупскі пярсцёнак.

Амаль 35 гадоў таму, 20 кастрычніка 1989 года, у Ватыканскай базыліцы святога Пятра гэты пярсцёнак усклаў на безыменны палец першага ў пасляваеннай гісторыі Беларусі каталіцкага біскупа святы Папа Ян Павел ІІ.

Цяпер гэты пярсцёнак як каштоўная рэліківія адраджэння Касцёла на Беларусі будзе захоўвацца ў Гудагайскім санктуарыі.

catholic.by

 

Казанне арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча ў Гудагаі

Гудагайскі фэст у рэпартажы Алены Гануліч, Астравецкая праўда

Фотарэпартаж Ірэны Ахрамовіч-1, catholic.by

Фотарэпартаж Ірэны Ахрамовіч-2, catholic.by

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave