18/10/2022

Час ісці дарогамі радасці, малітвы і братэрства

15 кастрычніка ў мінскай парафіі Божага Цела адзначылі ўрачыстасць святой Тэрэзы ад Езуса. Святкаванне было інтэграцыйным, бо на святой Імшы сабраліся, каб падзякаваць Богу за дар гэтай вялікай жанчыны, супольнасць кармэлітаў босых у Мінску, супольнасць свецкіх кармэлітаў, навучэнцы «Школы сямейнага жыцця», а таксама парафіяне.

У гаміліі а. Пётр Фроштэга OCD звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што святая Тэрэза  «разумела жыццё, як дарогу дасканаласці, па якой Бог вядзе чалавека ад прыстанку да прыстанку ажно да спаткання з Ім. Адначасова ставіць на гэтай дарозе іншых людзей. Якімі дарогамі хоча весці нас Бог, калі мы ідзём па слядах святой Тэрэзы, якая трымае нас за руку? Паводле думкі папы Францішка, гэта «сцежкі радасці, малітвы і братэрства».

Радасць, з’яўляецца дарогай, якой трэба ісці ўсё жыццё. Сёння святая прамаўляе да нас так, як некалі сказала адной манаскай супольнасці, у якой былі цяжкасці: «Не пераставайце радавацца. Евангелле — гэта не торба, якую цягнем за сабою з цяжкасцю, а крыніца радасці, якая напаўняе сэрцы Богам і схіляе да служэння братам».

Малітва — гэта не ізаляцыя ад людзей і свету, а рух наперад у сяброўстве, праз якое чалавек усё больш уваходзіць у кантакт з Панам. І гэтую дарогу мы не можам пераадолець самі, а толькі разам — у супольнасці: у манаскай ці парафіяльнай, ці таксама ў супольнасці ўдзельнікаў школы сямейнага жыцця.

«Час ісці», — гэта словы святой Тэрэзы, сказаныя ёю перад смерцю. Гэтыя словы з’яўляюцца для нас сёння спадчынай, якую трэба захоўваць і памнажаць. Сёння мы таксама паўтараем за святой Тэрэзай: час ісці дарогамі радасці, малітвы і братэрства.

Звяртаючыся да сабраных, а. Пётр даў свайго роду накірунак:

сваім сабратам: «Для нас распачынаецца новы час у новых умовах манаскага жыцця, тым больш з вялікай надзеяй будзем углядацца ў нашу Маці Тэрэзу, спадзеючыся на яе заступніцтва і таварыства на дарозе малітвы і братэрства»;

свецкім кармэлітам: «Да вас настаўніца малітвы звяртаецца, заахвочваючы да вернасці дадзеным Богу абяцанням»;

навучэнцам «Школы сямейнага жыцця»: «Час вырушаць у вандроўку па слядах хрысціянскіх ведаў, каб стаць яшчэ больш разумнымі, больш людзьмі малітвы і такім чынам яшчэ больш паглыбіць сяброўства з Тым, пра каго мы ведаем, што Ён нас любіць».

На заканчэнне ўрачыстай Літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій святой Тэрэзы ад Езуса.

Члены свецкага ордэна працягвалі святочны дзень у рамках штомесячнай фармацыйнай сустрэчы, паглыбляючы свае адносіны з Богам, а таксама братэрскія адносіны падчас адарацыі, унутраннай малітвы, lectio divina і сведчання свайго асабістага жыцця. Наша радасць была падвойнаю, бо да мінскай  супольнасці далучыліся свецкія кармэліты з украінскай супольнасці, якія жывуць на поўдні Беларусі, але цяпер не маюць магчымасці выязджаць на фармацыйныя сустрэчы ў Кіеў.

Святая Тэрэза ад Езуса, — маліся за нас!

 

Наталля Куніцкая OCDS

 

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave