26/06/2023

Шлях Любові  — вялікі і непаўторны

24 чэрвеня 2023 года, ва ўрачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля адбылася чарговая сустрэча мінскай супольнасці Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых. 

«Што ж гэта будзе за дзіця?» Падчас гаміліі а. Пётр Фроштэга OCD адзначыў, што «Ян Хрысціцель не стаў ні вялікім каралём, ні багатым чалавекам, ні алімпійскім прызёрам. Ён стаў прарокам, які ўказвае на Месію. Ян стаў голасам, які заклікае падрыхтаваць шляхі Пану. (…) Як і Ян Хрысціцель, кожны з нас нарадзіўся невыпадкова; кожны, як і ён, незаменны, кожны асаблівы і вялікі, калі мы не адмаўляемся ад Валадарства Божага — гэта значыць, ад жыцця ў Любові. Бо шлях Любові — вялікі і непаўторны». Над гэтымі натхняльнымі словамі мы разважалі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

У рамках святкавання юбілеяў св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса падчас кожнай сустрэчы мы звяртаемся да жыцця і вучэння гэтай святой. У сваёй канферэнцыі асістэнт супольнасці а. Пётр Фроштэга OCD пазнаёміў нас за зместам катэхезы Святога Айца падчас генеральнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане 7 чэрвеня 2023 года. Там знаходзіліся рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, дастаўленыя ў Рым з французскага горада Лізьё. Папа Францішак адзначыў, што такое кароткае жыццё святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса паказвае нам, што «місіянер — гэта кожны, хто, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца, жыве, як прылада Божай любові». Гэта кожны, хто робіць усё, што ў яго сілах, каб праз яго сведчанне, малітву і заступніцтва Езус мог наблізіцца да іншых людзей. «Больш, чым мноства сродкаў, метадаў і структур, якія часам адцягваюць увагу ад істотнага, Касцёлу патрэбны такія сэрцы, як сэрца Тэрэзы, якія прыцягваюць да любові і набліжаюць да Бога», — сказаў Пантыфік, заклікаючы маліцца аб ласцы пераадолення ўласнага эгаізму і аб гарачым жаданні заступацца за людзей, каб яны пазнавалі і любілі Езуса. 

Усвядоміць актуальнасць досведу і паслання Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса дапамагаў нам таксама сёння тэкст Рукапісу A, 71r–73v. У каментары да тэксту гаворыцца, што ў сваім духоўным жыцці Тэрэза сілкуецца ў трох вымярэннях, якія яна ўнутрана злучае: набажэнства (да Найсвяцейшага Аблічча), перажывані (хвароба бацькі) і Божае слова (пакутуючы Слуга з кнігі прарока Ісаі). Прагнучы цярпення, Тэрэза праяўляе волю і не змагаецца з цярпеннем, але перадусім хоча злучыцца з Езусам і выкарыстоўваць усю рэчаіснасць (уключаючы цярпенне) для таго, каб праз усё сілкаваць сваю веру ў справу Езуса ў ёй.

Падчас lectio divina ўдзельнікі сустрэчы разважалі над тэкстам Евангелля паводле святога Лукі пра Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі нараджэння Езуса (Лк 1, 26–38). 

Углядаючыся ў Найсвяцейшае Аблічча Езуса, слухаючы Божае слова, разважаючы над унутранаю паставаю Найсвяцейшай Панны Марыі, святых Захарыі, Альжбеты, Яна Хрысціцеля і Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, мы імкнуліся абудзіць у сабе жаданне ступіць на гэты шлях Любові, памятаючы, што «для Бога няма нічога немагчымага».

с. Наталля Куніцкая OCDS

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave