04/12/2023

ЮБІЛЕЙ РЭГІЯНАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ
КАРМЭЛІТАЎ БОСЫХ У БЕЛАРУСІ

2 снежня Рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фроштэга OCD адзначыў 50-гадовы юбілей жыцця. З гэтай нагоды ў Мінскім Кармэлі, як таксама ў парафіі Божага Цела, якой апякуюцца манахі гэтага ордэна, адбылося святкаванне і падзяка Богу за дар жыцця і служэння а. Пятра.

У парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай настаяцель манаскай супольнасці ў Мінску а. Сяргей Трысцень OCD прывітаў усіх прысутных. Таксама да ўсіх сабраных з прывітальным словам звярнуўся і павіншаваў Юбіляра біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. Пазней адбылася Эўхарыстыя падзякі, якую ўзначаліў арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Галоўны цэлебрант выказаў радасць, што можа быць у гэтым месцы пры такой добрай і радаснай нагодзе. Нашыя гады прамінаюць як трава, а Ты, Божа, трываеш навекі. Гэтыя словы ціснуцца на нашыя вусны сёння, калі адзначаем Юбілей 50-годдзя жыцця заслужанага для Касцёла ў Беларусі і манаскай супольнасці кармэлітаў босых а. Пятра Фроштэгі OCD – гэтымі словамі арцыбіскуп распачаў сваю гамілію. Прыгадаў таксама гісторыю Ордэна кармэлітаў босых у Беларусі і ў гэтым кантэксце звярнуў увагу на асобу а. Пятра, які, будучы паслухмяным сваім настаяцелям, пакінуў Радзіму, каб 18 гадоў свайго жыцця прысвяціць адраджэнню духоўнага банку беларускага Касцёла не толькі ў якасці душпастыра і настаяцеля ў беларускім Кармэлі, але таксама ў якасці каталіцкага душпастыра сем’яў у нашай краіне і працаўніка ў Касцёльным судзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Кожны Юбілей – гэта стасоўны час дзякаваць Богу за пражытыя гады і тыя ласкі, якімі ён адорвае. Юбілей – гэта таксама час перапрашэння Бога за ўсе недахопы нашага хрысціянскага, законнага і святарскага жыцця. Мы атрымалі самы вялікі дар, якім з’яўляецца дар святарства. Але носім яго ў гліняных начыннях, якія лёгка могуць разбіцца. Злы дух не перастае нас спакушаць і ў нас могуць наступіць хвіліны цёмнай начы, як у св. Тэрэсы з Ліз’ё. Нарэшце, Юбілей – гэта час прасіць у Бога благаслаўлення на будучыню. Хаця нашыя гады прамінаюць, як трава, а Бог трывае вечна. Аднак пакуль ён дазваляе нам цешыцца жыццём, нам патрэбна яго благаслаўленне, каб маглі паспяхова выконваць тыя абавязкі, якія ён ускладае на нашыя плечы. Шчасліва склалася, што Юбілей 50-годдзя а. Пятра адзначаецца ў Юбілейным годзе 150-годдзя св. Тэрэзы з Ліз’ё, Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча. Думаю, што ў гэтым ёсць Божы палец. Менавіта, Божы Провід так распарадзіўся, што будучы кармэліт Пётр Фроштэга прыйшоў на гэты свет у Юбілейным годзе 100-годдзя яе нараджэння. А. Пётр, сёння мне хочацца адрасаваць гэтыя словы ў твой адрас. Сваім законным і святарскім служэннем ты імкнешся чыніць людзям дабро і гэтым самым быць вялікім у Бога. Ты распачынаеш пісаць новую старонку свайго манаскага і святарскага жыцця, большую частку якога ты прысвяціў адраджэнню духоўнага банку Беларусі. Няхай яна будзе выпаўнена патрэбнымі для плённага служэння дарамі і ласкамі, каб згодна з  Мотта служэння кармэлітаў, ты гарэў руплівасцю дзеля Божай славы на Многая і Святая Лета! – рэзюмаваў у сваёй гаміліі арцыбіскуп.

Пасля святой Імшы ўсе сабраліся пры святочным стале, дзе былі прысутныя сястра а. Пятра з яе мужам, а таксама яго сябры, прыбыўшыя з Польшчы, і некаторыя прадстаўнікі супольнасцяў кармэлітаў босых у Беларусі. Была прадстаўніца парафіяльнай Рады ў в. Сініло (парафія Маці Божай – Зоркі Евангелізацыі), дзе служыць а. Пётр. Былі таксама прадстаўнікі Свецкага Ордэна і парафіяне з мінскай парафіі Божага Цела.

А. Юрый Кулай OCD

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave