28 чэрвеня напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла ў Нарачы адбылася сустрэча кармэліцкіх супольнасцяў Беларусі з нагоды імянінаў некаторых братоў: а. Паўла Герамана, настаяцеля супольнасці ў Нарачы, а. Паўла Леліто, пробашча парафіі, і а. Пятра Фарыны, мясцовага душпастыра. Не змог быць на гэтым святкаванні а. Пётр Фроштэга, Рэгіянальны настаяцель, які ў гэтыя дні знаходзіўся ў Рыме на Сусветнай сустрэчы сем’яў, а таксама прымаў удзел у св. Імшы ў базыліцы св. Пятра, дзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі атрымліваў палій з рук папы Францішка.
Імяніновую св. Імшу ў касцёле св. Андрэя Апостала ў Нарачы з удзелам вернікаў парафіі і гасцей узначаліў а. Павел Леліто. Гамілію прамовіў а. Андрэй Авен з Мядзела. Казнадзей засяродзіў увагу на глыбокім сэнсе евангельскай размовы Пана Езуса з апосталам Пятром, якому даручыў узначаліць Касцёл на зямлі. А. Андрэй таксама заахвоціў усіх прысутных да таго, каб вучыцца штодзённа чуць голас Хрыста і, па меры сваіх магчымасцяў і свайго стану, будаваць Божае валадарства на зямлі праз выкананне Божых запаведзяў.
Пасля св. Імшы вернікі павіншавалі дарагіх сэрцу айцоў з імянінамі, пасля чаго браты сустрэліся ў кляштары на святочную вячэру і рэкрэацыю.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave