ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 20, 19–31
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца». Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана». Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым кажа Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус кажа яму: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Каментарый
Тамаш не кажа: «Калі не ўбачу і не дакрануся да Езуса — не паверу», але: «Калі не ўбачу… і не дакрануся… Яго ранаў». Гэта значыць, калі не пераканаюся, што любоў, сапраўды, мацнейшая за смерць, грэх, нянавісць, мацнейшая за маю слабасць… І Езус выходзіць насустрач жаданням і цікаўнасці Тамаша. Схіляецца над ім і дазваляе яму дакрануцца да Сваіх ранаў. Тым самым Езус заклікае нас паверыць, што і нашыя раны таксама могуць стаць месцам сустрэчы з Уваскрослым. Бог не пазбаўляе нас ранаў, не выдаляе іх з нашага жыцця, Ён заклікае менавіта ў іх адкрыць сілу Ягонай перамогі. Бог перамяняе іх у месцы хвалы, у благаслаўлёныя месцы, якія прыцягваюць нас да Яго і робяць падобнымі да Яго. Менавіта ў іх ва ўсёй паўнаце можа заззяць магутнасць Божай міласэрнасці.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 223-224.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave