30/11/24

1 нядзеля Адвэнту

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 21, 25–28. 34–36)

 

Езус сказаў сваім вучням: «Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».

 

КАМЕНТАРЫЙ

 

Касцёл, распачынаючы Адвэнт чытаннем Евангелля, якое распавядае пра канец света і другое прыйсце Езуса, не мае намеру запалохаць сваіх сыноў. Ён хоча нагадаць ім, што час прамінае, а зямное жыццё часовае; што мэтай нашай надзеі і нашых жаданняў павінна быць не зямля, а неба. Калі цяпер свет занепакоены войнамі, рэвалюцыямі, пераваротамі ў думках, разбэшчанасцю, то ўсё гэта павінна стаць перасцярогай: чалавек, які адкідае Бога, — загіне, бо толькі Бог можа збавіць. Таму «выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае» (Лк 21, 28).

Касцёл прагне абудзіць у сэрцах жаданне збаўлення і патрэбу ў ім, сум па Збавіцелю. <…> Трэба «чуваць увесь час і маліцца» (Лк 21, 36) і выкарыстоўваць час дя таго, каб памнажаць у сабе любоў да Бога і бліжняга. Да гэтага заклікае нас св. Павел: «Няхай памножыць вас Пан і перапоўніць вас любоўю адно да аднаго і да ўсіх, <…> каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці <…> у час прыйсця Пана нашага, Езуса» (1 Тэс 3, 12-13). Тая праведнасць, тая святасць, якую Збаўца прынёс на зямлю, павінна нараджацца і развівацца ў сэрцы хрысціяніна, і адтуль распаўсюджвацца ў свеце.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў а. Габрыэля ад св. Марыі Магдалены, «Żyć Bogiem», т. 1, с. 37

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave