Евангелле (Мк 4, 35-41)
У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша. А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?».
Каментарый
Вучні перажылі суцішэнне буры ў кантэксце адтэрміноўкі прысуду смерці, які, як ім здавалася, ужо быў ім вынесены. Гэта першае здарэнне, апісанае ў Евангеллі паводле святога Марка, калі Езус аб’яўляе Сябе як паўнату Жыцця, не падуладнага стыхіям і нават смерці. Ці былі ўжо вучні напрактыкаванымі, каб прызнаваць сэрцам уладу Езуса? І іх пытанне, і далейшыя падзеі пераконваюць, што ім патрэбен быў час, каб прыняць як неаспрэчную відавочнасць тое, што Езус — сапраўдны Пан (Кірые) часу і вечнасці. Вельмі няпроста было ім убачыць у сваім паважаным Спадарожніку кагосьці большага, раз яны папракаюць Яго за бяздзейнасць падчас небяспекі. Хоць яны дакраналіся да Яго ў чаўне, не мелі моцы даткнуцца да Яго сэрцам, распазнаць Яго і прызнаць як Божага Сына, як Міласэрнасць, якая ажыўляе. І менавіта тая вера, якую Ён сам можа сфарміраваць у нас, можа стаць для нас, сярод нашых жыццёвых бураў, лекам супраць смерці. «Хоць бы і забіў мяне [Бог] — давяраю Яму» (Ёв 13, 15).
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 235 – 236
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave