Евангелле (Лк 9, 18–24)
Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго.
І спытаўся ў іх: «Кім лічыць Мяне народ?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» І адказаў Пётр: «Месіяй Божым». Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго».
Каментарый
Разважаючы над сённяшнім Евангеллем, разам пастараемся адказаць на наступныя пытанні:
Адкуль Пётр чэрпаў упэўненасць адносна прыроды пасланніцтва Езуса?
Якія здарэнні і словы Езуса сфарміравалі ў Пятра моцнае прагненне прыльнуць да Яго?
Можа, гэта было рэха словаў Ісаі, якія Езус працытаваў
у сінагозе: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім» (Лк 4, 18)?
Можа, унутранным зрокам Пётр убачыў, што сапраўды «сёння» здзяйсняюцца словы прарокаў?
А можа, Пётр бачыў у Езусе «палаючы куст» Божай прысутнасці?
Калі б сэрца Пятра ўжо не было закранута і сагрэта цяплом гэтага жыцядайнага Агню, яму не дапамаглі б нават і больш відавочныя аргументы. Калі б яго сэрцу не быў дадзены жар любові, Пётр не быў бы здольны да такіх заяваў. А без гэтага не мог быць праведзены на крок далей — у глыбіню таямніцы Езуса: «Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат… будзе забіты, і … уваскрэсне».
Каго Пётр убачыў, слухаючы гэтыя словы: Караля, Святара, Прарока?
А можа, ён убачыў вобраз церпячага Слугі, якога прадказаў Ісая?
Ці ўбачыў ён Айца, які даў свайму Слузе «ўдзел сярод вялікіх» (Іс 53, 12)?
Ці адкрыў тады Пётр таямніцу словаў: «За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца» (Іс 53, 13)?
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 319-320.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave