09/07/22

15 звячайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 25–37

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Езус адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той сказаў у адказ: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?» Адказваючы на гэта, Езус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: „Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся“. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама».

 

КАМЕНТАРЫЙ

«Ідзі і ты рабі таксама». Тое, чаму вучыць нас жыццё, на першым яго этапе, грунтуецца, у асноўным, на тым, што мы бяром прыклад з такіх паводзінаў, якія лічацца добрымі ў асяроддзі нашых блізкіх. Можна «рабіць таксама», як бацькі і выхаваўцы, як аднагодкі; «рабіць таксама», як прапануюць нам сродкі масавай інфармацыі.

Але надыходзіць момант, калі ўзнікае пытанне: «Што мне рабіць?». І калі ў адказ узгадваецца прыпавесць пра добрага самараніна, то гэта азначае канец спакойнаму жыццю, апраўданнем якога было б ціхае вегетатыўнае існаванне ў ценю запаведзяў, слова Божага і навучання Касцёла. Міласэрнасць няўступна ламае ўсталяваныя схемы, выважвае замкнёныя дзверы сэрца, выводзіць на неабсяжныя прасторы людскіх бядотаў, каб заплаціць самім сабою — заўсёды, у кожнай сітуацыі — і, перадусім, зведаць мяжу ўласных магчымасцяў. Закліканыя любіць сваіх бліжніх, мы аказваемся тварам у твар перад нікчэмнасцю ўласных сэрцаў, сваёй дробязнасцю, няздольнасцю да таго, каб сваё жыццё «страціць і зноў атрымаць яго». Давядзенне справы міласэрнасці да канца можа быць толькі справаю Карчмара.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 309.

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave