ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 13, 24–43)
Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».
Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім, каб збылося сказанае прарокам: «Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету».
Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. I падышлі да Яго вучні Яго,
і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
КАМЕНТАРЫЙ
Езус часта навучаў праз прыпавесці. Ён звяртаўся да вобразаў, вядомых са штодзённага жыцця, і хацеў, каб праз іх слухачы адкрылі рэчаіснасць Божага Валадарства. Не заўсёды гэта было магчыма, таму вучні прасілі Езуса, каб Ён растлумачваў ім свае прыпавесці. Сёння Езус растлумачвае сваім вучням прыпавесць пра каласоўнік сярод пшаніцы. Здаралася, што хтосьці ноччу рассейваў каласоўнік на чужым полі. У каласоўніку развіваўся грыб, які выклікаў розныя хваробы і нават смерць. Такім чынам, сітуацыя была вельмі сур’ёзнай. Аднак гаспадар загадвае слугам чакаць ажно да жніва. Таму што гэтыя расліны можна распазнаць толькі ў фазе спелых каласоў.
Езус атаясамлівае сябе з чалавекам, які пасеяў добрае насенне. У той жа час каласоўнік — гэта тое, што сее д’ябал. Цяпер, калі Божае Валадарства чакае жніва, мы маем час на навяртанне. І хоць кожнага з нас закранае зло, нам неабходна памятаць пра тое, што «Бог, паколькі Ён добры, не дазволіў бы існаваць якому-небудзь злу, калі б не быў настолькі магутным, каб вывесці дабро нават з самога зла» (св. Аўгустын).
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 318-319.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave