ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 9, 2-10)
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
КАМЕНТАРЫЙ
Апосталы бачаць Езуса ў бляску і хвале, аднак, хоць евангеліст і адзначае, што толькі асоба Езуса прамянілася святлом, Пётр жадае паставіць тры шатры — «Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Свайго роду параўнанне Майсея і Іллі з Настаўнікам азначае, што Езус у яго разуменні не быў кімсьці важнейшым за іх. Можа, ашаламленне Пятра было выклікана проста нечаканасцю, а можа, рэакцыяй таго, што натуральнае, на сутыкненне са звышнатуральным, з «несмяротным полымем», водбліск якога заззяў перад імі на гары Табар? Несумненна, перамяненне было для Апосталаў выключным досведам, але яны, якія штодзённа ішлі за Езусам, пэўным чынам удзельнічалі (хоць, можа, не да канца ўсведамляючы гэта) у звышнатуральным перажыванні блізкасці Бога. Хіба ж памылка Пятра і неразуменне ім таго, што адбываецца, не падобныя да нашых памылак і няправільнага разумення падзей? У гэтай рэакцыі вучняў мы можам убачыць праўду таксама пра нашае жыццё, у якім мы неаднойчы бываем не ў стане адразу належным чынам усвядоміць прысутнасць Бога, аб’яўленую нам праз знакі. Часам мы не можам таксама адрозніць голас і аўтарытэт Бога ад тых галасоў і аўтарытэтаў, якія з’яўляюцца ўсяго толькі Яго водбліскамі. Патрэбны дыстанцыя і святло, даць якое нам можа толькі вера.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 39-40.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave