ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 7, 31-37)
Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата!» — што значыць: «Адкрыйся». І адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: «Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць».
КАМЕНТАРЫЙ
Езус, які робіць усё добра, з’яўляецца тым, Хто “зрабіў усё добра” ў дзень стварэння. Праз цуд аздараўлення глуханямога Ён абвяшчае набліжэнне Збаўлення, выкананне абяцанняў Бога, які ў Хрысце, у Яго смерці і ўваскрасенні прагне аднавіць прыгажосць стварэння, зраненага грахом. Грэх закрывае чалавека ў самім сабе, бянтэжыць і зацямняе розум, пачуцці, здольнасці. Таму Езус звяртаецца да глуханямога: “Эффата!” — што значыць: “Адкрыйся”. Адкрываючы яго вушы, Езус робіць гэтага чалавека здольным чуць Слова, Добрую Навіну аб міласэрнай любові Бога. Езус развязвае путы языка, каб ён мог праслаўляць Бога і абвяшчаць Яго вялікія справы. Езус чыніць усё гэта патаемна, убаку ад натоўпу.
Езус заўсёды прадстаўлены як Той, Хто аздараўляе, а маё заданне — прывесці да Яго братоў, паставіць перад Ім на малітве, каб Ён “убаку”, у таямніцы інтымнага спаткання з кожнай асобай, мог адкрываць вушы і развязваць языкі. Толькі Ён можа гэта зрабіць.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4 c. 109-110.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave