ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 4, 5–26. 39а. 40–42)
Прыйшоў Езус ў самарыйскі горад, званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, сыну свайму. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе “дай мне піць”, то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць». Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды». Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала».
Жанчына сказала Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца». Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла». Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: «Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
КАМЕНТАРЫЙ
Самарытанка прыходзіць да студні, каб зачарпнуць вады. Размова з Езусам адкрыве ёй праўду: пра яе жыццё, пра яе самую, пра стан яе сэрца. Яна прызнаецца: «У мяне няма мужа». Гэта значыць: «Я адна, у мяне няма на каго абаперціся, замест глыбокіх адносінаў любові я бачу пустату і цярпенне. Створаная для сужэнскай любові, я не знаходжу Абранніка, хоць нястомна яго шукаю».
Езус ведае, што яе сэрца схіляецца да ілюзорнага шчасця, усё больш губляючы годнасць і прыгажосць. Як сказаў прарок: «Яны пакінулі Мяне — крыніцу жывой вады, каб вычасаць сабе вадасховішчы, вадасховішчы дзюравыя, што не могуць утрымаць вады» (Ер 2, 13). Езус прыходзіць, каб аб’явіць ёй сябе як сапраўднага Мужа, які дазволіць ёй адпачыць, які шчодра пралье ваду, каб яна магла напоўніца дарамі Духа. Калі яна пазбавіцца ўсіх сваіх ідалаў, калі адмовіцца ад людскіх падстраховак, калі звернецца да Бога, то ў яе жыцці здзейсніцца абяцанне: «Ужо не скажуць пра цябе: „пакінутая“, і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй. Але будуць называць цябе: „Маё ўпадабанне ў ёй“, — а зямлю тваю замужняй» (пар. Іс 62, 4).
Самарытанка стаіць перад Езусам такая, якая ёсць, непрыкрытая. А Ён не затрымліваецца ў сваёй дарозе да чалавека. Бачачы яе нявернасць, яе ўбогасць, запэўнівае: «Таму, хто прагне, Я дам задарма піць з крыніцы вады жыцця» (Ап 21, 6). Яна не павінна задавольваць ніякім умовам і крытэрям. Калі толькі яна акунецца ў веру, то зможа зачарпнуць задарма. Струмені Духа Святога пацякуць з яе ўлоння (пар. Ян 7, 38).
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 62-63.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave