ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 3, 14-21)
Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.
КАМЕНТАРЫЙ
Крыж з’яўляецца святлом. Дрэннае жыццё забівае ў нас Бога. Таму нам дадзены знак крыжа: Бог асуджае на ім грэх, які жыве ў нас, і тым самым вызваляе нас ад яго, вызваляе ад яго ўздзеяння на нас.
Гэтае святло для нас вельмі балючае — грэх так моцна скажае нашае мысленне, што нам здаецца, нібы Бог, які асуджае нашае дрэннае жыццё, з’яўляецца нашым ворагам. Толькі моц Яго бескарыслівай любові пазбаўляе нас ілюзіі, а спасылаючы нам розныя цяжкія выпрабаванні, як Ёву, Ён ачышчае нашае мысленне і адчуванне. Паступова гэтае святло перамяняе нас, і нашае “разыходжанне” з Богам становіцца ўсё больш відавочным. Тады мы становімся больш адкрытымі на крыж, які, праводзячы нас праз смерць, дае жыццё.
Тое што было толькі прадказаннем, калі Майсей узняў змея ў пустыні, цяпер становіцца рэальнасцю. Укрыжаваны Езус, якому мы можам пакланяцца, з’яўляецца Словам, якое ўжо не прамаўляе, а дарэшты вылівае любоў з прабітага Сэрца. Маўчанне крыжа — гэта вызнанне шалёнай любові, аддадзенай да канца дзеля кожнага з нас.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 89-90.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave