ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 14, 1 – 12)
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце». Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца».
КАМЕНТАРЫЙ
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае». Езус ахоплены трывогаю перад сваёю Мукаю, аднак не адступае. Ён і нас заахвочвае не паддавацца трывозе, але сэрцам прытуліцца да Айца, трымацца Настаўніка: «І ў Мяне верце». Езус звяртаецца да вучняў як да дзяцей, прагнучы, каб пасхальныя падзеі сталі для іх радасным чаканнем Яго другога прыйсця, каб нават хвіліну яны не адчувалі сябе пакінутымі і самотнымі.
Ён — адзіная дарога да Айца, дарога да праўды, якая і ёсць жыццём. Езус — дарога, і праўда, і жыццё. Хто ведае Яго, ведае і Айца; хто бачыць Сына, у Сыне бачыць таксама Айца. Немагчыма для стварэння ўзняцца да Айца, але мы маем Езуса, якога Ён паслаў, таму не дазваляйма сабе паддацца прыгнечанасці; трымаючыся Сына, прытулімся таксама да Айца. Словы, якія нам перадае Езус, паходзяць ад Айца, які здзяйсняе свае справы праз Сына. Таму, калі вучань верыць у Сына, жыве ў лучнасці з Ім, то будзе таксама здзяйсняць справы, якія здзяйсняе Ён; і нават большыя за іх зробіць, дазваляючы слову Езуса ўзрастаць і пашырацца ажно да межаў зямлі. Наша вера — гэта справа Айца і менавіта яна дазваляе справам Айца станавіцца яшчэ большымі.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў „Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 277-278.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave