ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 5, 38–48)
Езус сказаў сваім вучням: «Вы чулі, што сказана: „Вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе. Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны».
КАМЕНТАРЫЙ
Езус паказвае нам сёння Айца, які любіць усіх без выключэння, які «пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых». Яго любоў поўная, трывалая і сапраўдная; Ён нікога з яе не выключае. Бог гэта даказаў праз свайго Сына, які на ўсіх паслаў «дождж», а была ім Найсвяцейшая Кроў Езуса, якая абмывае нас з грахоў.
Езус хоча, каб і мы любілі гэтак жа — усіх!
Любіць, нават ворагаў, як жа гэта цяжка для нашай натуры, якая замест гэтага палічыла б за лепшае абараніцца, адмежавацца ад «ворага». Аднак без узаемнай любові мы становімся ворагамі самім сабе.
Адмежаванне ад іншых было б таксама адмежаваннем ад уласных каранёў — адсячэннем каранёў Божага сыноўства. Прытуляючы кожнага брата, нават такого цяжкага для прыняцця, мы атрымліваем магчымасць даваць ціхае сведчанне: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). Любіць усіх — гэта значыць прыахвоціцца быць вучнем і сынам Бога.
Езу, менавіта Ты любі ўва мне тою любоўю, якая аддае жыццё за ўсіх!
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 126-127.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave