25/02/22

8 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  Лк 6, 39-45

 

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата. Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя».

 

Каментарый

Езус у Евангеллі выкарыстоўвае вельмі моцнае азначэнне: крывадушнік! Гэта значыць: чалавек, ты сам не ведаеш, хто ты, што знаходзіцца ў табе, аднак асмельваешся думаць, што ты кампетэнтны папраўляць іншых. І Езус не мае на ўвазе кагосьці выключна сляпога і саманадзейнага. У рэчаіснасці кожны з нас з’яўляецца крывадушнікам тады, калі мы не разпазнаём, наколькі абмежаванае нашае пазнанне, што мы з’яўляемся пілігрымамі, якія шукаюць праўды пра сябе. Пілігрым вельмі далікатны ў вынясенні прысудаў, таму што ведае (нават глыбока перакананы), наколькі ён яшчэ сляпы.

Гаворка ідзе  не пра тое, каб увогуле не ацэньваць сітуацыі і паводзін сваіх бліжніх, бо на самай справе гэта відаць «па пладах». Нам не хапае ўмення адрозніваць асуджэнне кагосьці ў выніку параўнання сябе з ім ад разважлівага маральнага ацэньвання ўласных дзеянняў і дзеянняў іншых. Таму лепш займацца хутчэй самаўдасканаленнем, чым удасканальваннем іншых, а менавіта: клапаціцца аб тым, каб маё сэрца было добрай скарбніцай, напаўняць яе добрымі думкамі пра іншых, радавацца і добра ўплываць на іх, умець заўважаць у іх вобраз Творцы. І няхай гэта будзе скарбніца, поўная такіх скарбаў, а з яе багацця няхай іншыя чэрпаюць словы і ўнутраныя паставы.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 153-154

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave