ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 2, 23–3, 6).
Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?
Ён сказаў ім: Няўжо вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў разам з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?
І сказаў ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату.
Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой. І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго. І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне». А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі. Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная. Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.
КАМЕНТАРЫЙ
Сёння Езус нагадвае нам, што Ён мае права вызначаць, як мы святкуем. Знешняя форма павінна быць падпарадкавана любові: служэнне чалавечаму целу не супярэчыць духу шабата.
Фарысеі, наадварот, спрабуюць супрацьпаставіць паставе міласэрнасці вернасць Закону. Сутыкнуўшыся з такой крывадушнасцю, Езус перажывае такія знаёмыя нам пачуцці: гнеў і смутак. Ніводнае з цяжкіх чалавечых пачуццяў не адкідаецца Сынам Чалавечым...
Але гэта былі таксама гнеў і смутак Бога. Задумаемся на хвіліну: гнеў і смутак Асобы, якая мае ўладу над жыццём і смерцю ўсіх сваіх суразмоўцаў... Аднак у сваім дзеянні Езус застаецца вольным ад гэтых пачуццяў. Міласэрнасць зведаў не толькі чалавек з усохлай рукой.
Звернем увагу на яшчэ адну падрабязнасць у паводзінах фарысеяў: яны ніколі не звяртаюцца непасрэдна да таго, каго абвінавачваюць. Папрокі адносна вучняў яны скіроўваюць Езусу («чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»), а папрокі адносна Езуса пакідаюць пры сабе («яны сачылі за Езусам (…), каб абвінаваціць Яго»). Ім не хапіла мужнасці паглядзець у твар праўдзе, заключанай ва ўнутранай паставе іншых людзей...
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 173-174.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave