10/04/21

II Велікодная нядзеля (Божай Міласэрнасці)

Евангелле (Ян 20, 19-31)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!” І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана”. Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!” Потым кажа Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!” Езус кажа яму: “Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

 

 

 

Каментарый

Тамаш адлучыўся ад вучняў; вярнуўшыся, ён пачуў, што адбылося, але адмовіўся верыць у пачутае. Пан Езус ізноў прыйшоў і прапанаваў няверуючаму вучню бок, каб той мог даткнуцца, паказаў рукі і, прадставіўшы раны свае, вылечыў рану яго нявер’я. Што вы ў гэтым убачылі? Няўжо вы думаеце, нібыта гэта было выпадкова, што гэтага выбранага Ім вучня тады не было, а калі вярнуўся, ён пачуў; пачуўшы — засумняваўся; сумняваючыся дакрануўся; дакрануўшыся — паверыў? Не, гэта адбылося не выпадкова, а па Боскаму распараджэнню. Бо найвышэйшая міласэрасць дзівосным чынам здзейсніла гэта, каб гэты вучань, які сумняваецца, дакранаючыся да ранаў на целе свайго Настаўніка, ацаляў у нас раны нявер’я. Бо для нашай веры нявер’е Тамаша больш карыснае, чым вера вучняў, якія верылі, — калі ён вяртаецца да веры праз дотык, то наш розум, пастаўлены вышэй кожнага сумнення, умацоўваецца ў веры. Таму што Пан Езус пасля свайго ўваскрасення дазволіў вучню ўсумніцца, але не пакінуў яго ў сумненнях. Бо вучань, які сумняваецца і дакранаецца, стаў сведкам сапраўднага ўваскрасення.

Вельмі радасна тое, што адбываецца далей: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”. У гэтай думцы, у прыватнасці, пазначаны менавіта мы, якія шчыра верым у Таго, Каго не бачылі ў целе. Пазначаны мы, але толькі тады, калі мы сваю веру суправаджаем справамі. Бо сапраўды верыць той, хто справамі паказвае тое, у што верыць.

 (Св. Грыгорый Вялікі,

папа і доктар Касцёла, 540-604 гг.)

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave